Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША нанесьлі ўдары па дзясятках мэтаў «Ісламскай дзяржавы» у Сырыі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У пятніцу амэрыканскія вайскоўцы нанесьлі ўдары па дзясятках аб’ектаў «Ісламскай дзяржавы» у Сырыі ў адказ на напад баевікоў на сырыйска-амэрыканскі патруль у Пальміры, які адбыўся на мінулым тыдні, ахвярамі якога сталі тры амэрыканцы — двое вайскоўцаў і цывільны перакладчык.

Гэта першыя страты ЗША ў Сырыі з моманту зрынаньня рэжыму Башара Асада ў 2024 годзе.

Паводле заявы Цэнтральнага камандаваньня амэрыканскага войска, у ваеннай апэрацыі 19 сьнежня былі задзейнічаныя зьнішчальнікі, ударныя верталёты і артылерыя. Было выкарыстана больш за 100 боепрыпасаў па 70 меркаваным мэтам — абʼектам інфраструктуры і складам зброі тэрарыстаў.

Міністар абароны ЗША Піт Хэгсэт напісаў у сацсетцы X, што гэта было не «пачатак вайны, а абʼява аб помсьце». «Калі вы нападаеце на амэрыканцаў — дзе б там ні было ў сьвеце — вы праведзяце рэшту свайго кароткага, поўнага трывогі жыцьця, ведаючы, што Злучаныя Штаты будуць вас перасьледваць, знойдуць і бязьлітасна забʼюць. Сёньня мы высочвалі і забівалі сваіх ворагаў. Шмат. І мы будзем працягваць», — дадаў ён.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у сваёй сацсетцы Truth назваў апэрацыю «вельмі сурʼёзным ударам адплаты». Паводле яго слоў, цяперашні сырыйскі лідэр Ахмад аш-Шараа «цалкам падтрымлівае» дзеяньні ЗША і «прыкладае вялікія намаганьні для вяртаньня велічы Сырыі».

  • 10 лістапада Трамп прыняў у Белым доме часовага прэзыдэнта Сырыі Ахмэда аш-Шараа. Пасьля сустрэчы Сырыя далучылася да міжнароднай кааліцыі з 88 краін для барацьбы з «Ісламскай дзяржавай».
  • У апошнія месяцы ўзначаленая ЗША кааліцыя праводзіла ў Сырыі авіяўдары і наземныя апэрацыі супраць падазраваных у сувязях з «Ісламскай дзяржавай» — часта з удзелам сырыйскіх сіл бясьпекі. У суботу, 13 сьнежня, у раёне Пальміры ў выніку нападу на сумесную калёну амэрыканскіх і сырыйскіх сіл загінулі двое вайскоўцаў арміі ЗША і грамадзянскі перакладчык. Нападнік быў ліквідаваны. Ён мог быць зьвязаны з тэрарыстычнай групоўкай «Ісламская дзяржава».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG