Андрэй Швед да гэтага часу займаў пасаду генэральнага пракурора Беларусі. Рашэньне яго прызначыць прынялі на VII Усебеларускім народным сходзе аднагалосна адкрытым галасаваньне, перадае БелТА.
Ранейшы кіраўнік Вярхоўнага суду Валянцін Сукала вызвалены ад пасады. Лукашэнка прызначыў яго на гэтую пасаду яшчэ 4 студзеня 1997 году. За гэты час судовая сыстэма Беларусі пад кіраўніцтвам Сукалы ператварылася ў адну з галоўных сетак рэпрэсіўнай сыстэмы і выканаўцу масавых палітычных рэпрэсіяў, пік якіх дасягнулі пасьля выбараў 2020 году.
Органам выкананьня масавых рэпрэсіяў таксама стала пракуратура.
Хто такі Андрэй Швед
Андрэй Швед нарадзіўся ў 1973 годзе ў вёсцы Глушкавічы Лельчыцкага раёну. Бацька быў дырэктарам вясковай школы, маці — настаўніцай матэматыкі. Скончыў юрфак БДУ, пачынаў у пракуратуры стажорам, памочнікам пракурора. У 2006 годзе стаў начальнікам юрыдычнага ўпраўленьня Дзяржсакратарыяту Савету бясьпекі. У 2010-м Швед вярнуўся ў пракуратуру, на пасаду намесьніка генпракурора.
Узначальваў сьледчую групу па выбуху ў менскім мэтро, асабіста дапытваў падазраванага, а потым асуджанага за выбух Дзьмітрыя Канавалава. У канцы 2011 году быў прызначаны першым намесьнікам старшыні толькі што створанага Сьледчага камітэту. У сакавіку 2013 году ачоліў створаны ім самім Дзяржаўны камітэт судовых экспэртыз, манапалізаваўшы правядзеньне ўсіх экспэртыз у краіне. На гэтай пасадзе пабудаваў катэдж у элітным пасёлку Дразды-2 на вуліцы Вербнай, па суседзтве зь блізкім паплечнікам Лукашэнкі Віктарам Шэйманам.
Жанаты, мае траіх дзяцей. Старэйшы сын Кірыл працаваў пад кіраўніцтвам бацькі ў Дзяржкамітэце судовых экспэртыз, сыну Сямёну 18 гадоў, дачцэ Марыі 9. Сам Андрэй Швед тройчы быў заўважаны за перавышэньнем хуткасьці (у 2013, 2019 і 2020 гадах), паведамілі Свабодзе ў BelPol. Пра іншыя правапарушэньні зьвестак няма.
Прадстаўляючы Шведа на пасаду генпракурора, у верасьні 2020 году Аляксандар Лукашэнка сказаў, што ў краіне «часам не да законаў», фактычна разьвязаўшы рукі сілавікам і праваахоўным органам.
Адразу пасьля прызначэньня Швед сабраў пракурораў і абвесьціў, што тыя, хто ня згодны з палітыкай дзейных уладаў, павінны звольніцца. Новы генпракурор таксама заявіў, што ніводзін арганізатар і ўдзельнік несанкцыянаваных акцый не пазьбегне адказнасьці: «Усе вінаватыя будуць пакараныя рана ці позна. Ніводзін блогер, ніводная асоба, якая зьдзейсьніла злачынства ня толькі на несанкцыянаваных мерапрыемствах, але і ў інтэрнэце, не пазьбегне адказнасьці».
З прыходам Шведа Генпракуратура стала адным з галоўных рэпрэсіўных органаў краіны. Ведамства адмовілася разглядаць больш за 1800 заяў грамадзян, якія пацярпелі ад жорсткіх дзеяньняў сілавікоў.
Генпракуратура таксама ініцыявала ўзмацненьне адказнасьці за «экстрэмізм». Швед прапанаваў караць «за любыя праявы экстрэмізму», ня толькі за арганізацыю і кіраўніцтва «экстрэмісцкім фармаваньнем», а за фінансаваньне, прапаганду і нават выкарыстаньне сымболікі. Пазьней адпаведныя зьмены былі прынятыя Палатай прадстаўнікоў. Усё гэта вылілася ў шматлікія крымінальныя справы супраць беларусаў, недзяржаўных арганізацый і СМІ.
Менавіта Генпракуратура «пахавала» справу аб гібелі Рамана Бандарэнкі на «плошчы Перамен». Расьсьледаваньне перадалі ў ведамства Андрэя Шведа па даручэньні Лукашэнкі, распавядаў у інтэрвію Свабодзе былы супрацоўнік Генпракуратуры Алег Талерчык.
«Пракуратура ператварылася ў той орган, што прыкрывае, вуалюе, маскуе тыя парушэньні, якія робяць сьледчыя, міліцыя», — сказаў Талерчык.
Форум